Музей «Дзецям вайны»
Мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам вайны»
У памяць аб дзецях-ахвярах вайны 28 чэрвеня 2007 года ў Красным Беразе быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам вайны».
Мемарыял спраектаваны творчай майстэрняй пад кіраўніцтвам заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Ленінскай прэміі, Ганаровага грамадзяніна Жлобінскага раёна Леаніда Мендэлевіча Левіна. Помнік задумваўся як разгорнутая ў прасторы панарама, шлях, трагічнасць якога глядач можа ўсвядоміць, толькі прайшоўшы па адным з прамянёў Горада Сонца. Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца «Плошча Сонца». «Прамяні-алеі» разыходзяцца па ўсім яблыневым садзе. Адзін з прамянёў — «Прамень Памяці» (чорнага колеру), з’яўляецца галоўным уваходам у мемарыял. На шляху наведвальніка першай сустракае тоненькая фігурка дзяўчынкі-падлетка (аўтар — скульптар А. Фінскі). Далей шлях праходзіць праз «Мёртвы клас» з белых пустых партаў і школьнай дошкі. На ёй — перадсмяротны ліст-завяшчанне 15-гадовай Каці Сусанінай бацьку з фашысцкай няволі. За школьнай дошкай размешчана самая светлая і вясёлкавая частка мемарыялу — «Плошча Сонца». У цэнтры плошчы знаходіцца «Белы паруснік», які сімвалізуе мары, якім не наканавана было спраўдзіцца. Тут жа, на плошчы, размяшчаюцца 24 мальберты-вітражы, выкананыя па малюнках дзяцей вайны.
Музей «Дзецям — ахвярам вайны»
Музей складаецца з экспазіцыйнай, выставачнай, кіналекцыйнай зал. Таксама ў музеі створаны мемарыяльны пакой Леаніда Левіна. Экспазіцыйная зала падзеленая на некалькі тэм: даваеннае дзяцінства, перыяд акупацыі, партызаны і падпольшчыкі, зборна-перасыльны лагер у Красным Беразе і дзеці-астарбайтары, вызваленне Беларусі і пасляваенны перыяд. У выставачнай зале размешчаны работы навучэнцаў школ дадатковай адукацыі горада Жлобіна, а таксама карціны сяброў Беларускага саюза мастакоў.
Пры сумеснай рабоце з Галінай Леанідаўнай Левінай быў створаны мемарыяльны пакой Леаніда Левіна — архітэктара мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны». Ён адлюстроўвае не толькі гісторыю работы Леаніда Мендэлевіча над мемарыялам у Красным Беразе, але і яго творчы шлях, а таксама раскрывае яго як чалавека. Тут закранутая тэма мемарыялізацыі памятных месцаў вачыма дзіцяці .
Наш музей — гэта ўнікальная прастора, дзе гісторыя ажывае праз прызму дзіцячых вачэй. Тут вы зможаце пабачыць, як вайна змяняе лёсы самых уразлівых — дзяцей. Экспазіцыя музею перадае іх перажыванні, мары і спадзяванні, прымушаючы задумацца аб незаменных стратах і трываласці чалавечага духу.